Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Школа сельскага турызму для маладых валанцёраў

Дата: 18 октября 2014 в 09:31, Обновлено 21 октября 2014 в 11:15
Автор: Наруш О. Н.
915 просмотров

На працягу двух дзён 16 і 17 кастрычніка 2014 года група гімназістаў, вучняў 9а класа, прымала ўдзел у рэспубліканскім мерапрыемстве, якое праводзілася БГА "Адпачынак у вёсцы" ў Кобрынскім раёне. Супрацоўнічаць са студэнтамі Ваўкавысскага і Пінскага каледжаў, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па пытаннях магчымасцей развіцця сельскага агратурызму--знак вялікага даверу, аказанага арганізатарамі і гаспадарамі князеўскім гімназістам.

Сельскі турызм

Дакрануцца душой да спадчыны дзядоў

У нашай сінявокай краіне, прыгажосць якой апета не адным пакаленнем беларусаў, апошнім часам шмат увагі ўдзяляецца адраджэнню яе самабытнасці. Нямала ёсць рупліўцаў на гэтай ніве, аднак найбольш аўтарытэтным з’яўляецца Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы”, якое ўзначальвае В.А.КЛІЦУНОВА. Ставячы на мэце правядзенне інфармацыйна-адукацыйнай кампаніі пад агульнай назвай “Простыя рэчы” ў рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца ПРААН у Беларусі са жніўня 2012 года па люты 2015 года, кіраўніцтва аб’яднання вырашыла скіраваць увагу маладых беларусаў да той матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны беларускай вёскі, якая штодзённа ўступае ў барацьбу з сучасным гарадскім побытам. Чарговым мерапрыемствам, якое ладзілася ў рамках праекта, стала сустрэча навучэнцаў Ваўкавыскага і Пінскага каледжаў, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія сваё будучае прафесійнае жыццё вырашылі звязаць з турызмам і гасціннасцю, з гаспадарамі аграсядзіб Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Для князеўскіх гімназістаў, паверце, запрашэнне прыняць удзел у “Школе сельскага турызму для маладых валанцёраў”--  гэта не толькі выдатная магчымасць замацаваць атрыманыя веды ў час навучання ў школе фермераў, якой у перыяд летніх канікул кіравалі Ірына і Міхаіл Макеі на базе фермерскай гаспадаркі “Верас” Зэльвенскага раёна, але і пазнаёміцца з рознымі формамі арганізацыі сельскага турызму.

А дарога доўгаю стужкаю сцелецца

Рабочы тыдзень адлічыў сваю палову, як князеўскія гімназісты зацёмна выбраліся з бацькоўскіх хат у вандроўку на Палессе. Са школьных парт дзяўчынкі ведалі пра самабытнасць гэтага куточка Беларусі, а тут выдалася такая цудоўная магчымасць на свае вочы пабачыць і пачуць непаўторную палескую гаворку, пазнаёміцца з бытам насельнікаў Палесся. Рыхтуючыся да паездкі загаддзя, гімназісты з пытаннямі “атакавалі” не толькі педагогаў, але і падключылі на дапамогу інтэрнэт. Даследаваўшы па карце дарогу да месца прызначэння, дзяўчаты ўспомнілі найбольш вядомыя гістарычныя і культурныя падзеі населеных пунктаў, праз якія пралягае маршрут да сядзібы Андронава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Мінулі Аляксандраўшчыну, Каралін, спідометр адлічваў не адзін дзясятак кіламетраў, набліжаючы нас да Ружан. І раптам на досвітку раскаты грома. Як вы расцэніце такую прыродную з’яву ў кастрычніку? Напэўна, як станоўчы  і нечаканы знак. Так і князеўскія гімназісты, вельмі здзівіўшыся, палічылі, што мерапрыемства, на якое яны накіроўваюцца, будзе паспяховым і тыя спадзяванні, якія яны ўскладаюць на ўдзел у школе турызму для маладых валанцёраў, стануць карыснымі як для арганізатараў, так і для ўдзельнікаў.

За гутаркай праляцеў час, дзеці не заўважылі, як мінулі Пружаны. І вось указальнік падказвае нам, што набліжаемся да Кобрына, а значыць, і да месца прызначэння. Праз шкло аўтобуса спрабуем занатаваць у памяці першыя ўражанні ад горада, таму, напэўна, ледзь  паспелі заўважыць, што сядзіба “Палескія традыцыі” і яе гаспадары чакаюць нас.

“Палескія традыцыі” ў адказе за традыцыі

Гасцінна расчыненыя вароты падказваюць, што нас на сядзібе чакаюць, што нам рады. Не паспелі зайсці на падворак, як насустрач выйшла Валерыя Анатольеўна: “Рада вітаць вас, князеўскія гімназісты. Прыемна, што нашы самыя юныя калегі на сустрэчу з’явіліся аднымі з першых. Па ўсім відаць, прыехалі не столькі адпачыць, колькі набрацца вопыту ў сваіх старэйшых таварышаў”.

Дзяўчынкі абступілі Валерыю Анатольеўну як добрую знаёмую. А ці магло быць інакш, калі разам прымалі ўдзел у “Зялёнай гулянцы”, што ладзілася на аграсядзібе “Верас” у Ірыны і Міхаіла Макеяў. За словамі падзякі за магчымасць паўдзельнічаць у Школе ўвага дзяцей міжволі скіроўваецца на абуладкаваную гаспадарамі сядзібу. Валерыя Анатольеўна не перашкаджае дзецям любавацца  ўбачаным. А яны адна перад другой кідаюць позірк то на сцяну дома з сялянскімі прыладамі працы, то на воз з кветкамі, то на калодзеж… У маўклівым захапленні доўга стаяць перад размаляванай мастаком сцяной дома. Цікуюць за вясковай хаткай, якая займае пачэснае месца сярод новабудоўлі суседскіх надзелаў. Разумеюць, колькі намаганняў прыклалі гаспадары сядзібы, каб у прыгарадзе (вёска Андронава размешчана ў кіламетры ад Кобрына) стварыць непаўторны вясковы куточак.

Выйгрышна выглядае сярод жалезабетонных і металічных плытоў камбінаваная драўляная агароджа. Пад навесам на адкрытым паветры для падарожнікаў накрыты стол з кіпенем, печаным хлебам, падсоленым маслічкам, сподачак з варэннем, кобрынскімі сырамі на любы густ. Ля ног дзяцей лашчыцца гаспадарскі кот. Падсілкаваўшыся з дарогі, дзеці спяшаюцца на арэлі. Хутка іх увага скіроўваецца на вялізны будынак. Праўда, справа не ў самым будынку, а ў інтрыгуючай яго назве “Яблочный Са-Рай”. Аб гэтым трошкі пазней.

Вы, чытачы, напэўна, звярнулі ўвагу, што ўжо колькі часу мы гасцюем на сядзібе, а пра гаспадыню ні слова. Як нам думаецца, шаноўная Ніна Мікітаўна Главацкая на гэта не пакрыўдзіцца, бо яна, як мудрая жанчына, загаддзя стварыўшы для нас усе ўмовы, дала магчымасць не толькі сагрэцца і падсілкавацца з дарогі, але і атрымаць асалоду ад сузірання за палескім побытам. Знаёмячыся з кожным куточкам сядзібы, мы, нарэшце, трапілі ў вялікі гасцявы дом. Сцены залы ўпрыгожвалі палескія рушнікі, вышываныя карціны, букеты засушаных кветак дарылі няўлоўны арамат цёплага лета, а ў зале стаяў моцны водар спелых яблыкаў. Гэта і не дзіва, бо пачыналі спадары Главацкія з яблыневага сада.

Школа для маладых валанцёраў

Усе, хто атрымаў запрашэнне прыняць удзел у школе сельскага турызму, пасля вандроўкі па тэрыторыі сядзібы сабраліся разам у гасцявым доме.

Увагай прысутных завалодалі арганізатары школы і гаспадары сядзібы. Прыгожая, малажавая жанчына ў палескім строі, гаспадыня сядзібы Ніна Мікітаўна, пажадала ўсім з карысцю правесці час, набрацца новых эмоцый, пазнаёміцца з іх вопытам работы ў сельскім турызме… і папрасіла прабачэння за тое, што не можа ўвесь час прысутнічаць побач з намі, так як яе чакаюць абавязкі гаспадыні перад гасцямі.

Старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова падрыхтавала для ўдзельнікаў школы цікавы аповед аб развіцці сельскага турызму ў Беларусі. З чаго пачыналася? Хто стаяў ля вытокаў? На што арыентаваліся? Што ставілі на мэце развіваючы сельскі турызм? На гэтыя і іншыя пытанні Валерыя Анатольеўна і яе калегі ў даступнай для ўспрыняцця форме далі разгорнутыя адказы. А каб уражанне аб пачутага стала эмацыянальна насычаным, увесь аповед суправаджаўся дэманстрацыяй прэзентацыі па тэме “Сельскі турызм Беларусі—свой шлях”.

А шлях у беларусаў сапраўды свой. Не памылюся, што вы, шаноўныя чытачы, назіраючы за сваімі гасцямі з горада ці з-за мяжы (мы так любаваліся з нашых гарадскіх валанцёраў-калег) міжволі ловіце сябе на думцы, як яны рэагуюць на прывычныя для нас, вяскоўцаў, з’явы, рэчы. Так, у нас няма таго, што ёсць у іншых народаў. Аднак тым мы і цікавыя для еўрапейцаў і іншых замежных гасцей, якія апошнім часам са стараннасцю выдатніка спяшаюцца адкрыць сінявокую Беларусь для сябе і сваіх родных. І ад таго, наколькі ўдала мы зможам прадэманстраваць перад імі нашу самабытнасць, прапанаваць ім тое, чаго ў іхніх ці іншых краінах няма,  залежыць, не пабаімся гучных слоў, будучае беларускай вёскі. Не будзем весці гутарку пра брэндавыя аб’екты Рэспублікі, а лепш пагаворым пра свае, якія не заўсёды знойдуцца ў сеціве, але чутка пра якія ідзе ад чалавека да чалавека.

…Памятаеце пах каляндры, якой гаспадыні шчодра надзяляюць каўбасу хатняга прыгатавання. Вось і ў школе маладыя валанцёры са шчодрай рукі гаспадыні Ніны Мікітаўны змаглі далучыцца да палескай традыцыі прыгатавання каўбаскі, якую ў народзе прынята называць “піханай пальцам”. Для гараджан працэс прыгатавання каўбасы выклікаў незабыўныя ўражанні, бо далёка не кожны за сваё свядомае жыццё меў магчымасць прыгатаваць адзін з галоўных прысмакаў вясковага стала. І нягледзячы на тое, што каўбасу рабілі валанцёры з Гродзеншчыны і Брэстчыны, яны знайшлі шмат чаго агульнага  ў падыходах, а таксама назвалі свае рэгіянальныя  адметнасці ў прыгатаванні.   Прыгатаваная ў некалькі рук, каўбаска паспяшыла заняць сваё месца ў печы, каб стаць пачастункам за вячэрнім сталом. Не выветрыўся церпкі пах каляндры, як Ніна Мікітаўна ўнесла ў залу інгрыдыенты для прыгатавання булкі. І зноў у некалькі рук вымешвалі дзяўчынкі цеста, стараліся, каб было яно ўпругім, добра перабітым, бо пірагі, якія будуць выпякацца ў печы, упрыгожаць наш ранішні стол. Падводзячы вынікі зробленага, гаспадыня сядзібы некалькі слоў сказала пры чыстую, праўдзівую і карысную ежу.

Атрымаўшы добры настрой ад сумеснай працы, слухачы школы не з меншай цікавасцю прыняліся слухаць выступленне кандыдата гістарычных навук Андрэя Кіштымава на тэму: ”Гісторыя і сельскі турызм: як зрабіць вандроўку незабыўнай”. А ў тым, што ўсё ў руках чалавека, Андрэй Леанідавіч прадэманстраваў у прэзентацыі “Хождение за три моря”. Ён быў сярод членаў каманды, якая ўласнаручна пабудавала караблі, на якіх па рэках прайшла шлях “Из варяг в греки”, «Казацкий шлях» і «Шёлковый путь».  

Арганізатары школы маглі яшчэ і яшчэ расказваць слухачам пра асаблівасці развіцця сельскага турызму ў Беларусі, аднак Ніна Мікітаўна запрасіла ўсіх на абед.

Рай у “Яблочном Са-Рае”

Гаворачы пра традыцыі Главацкіх,  нельга не звярнуць увагу чытачоў на тыя абставіны,  што пачыналі яны менавіта як фермеры, заклаўшы недалёка ад горада сад. Ішлі гады, сад разрастаўся, а разам з ім прыйшло разуменне таго, што на дасягнутым нельга спыняцца: трэба шукаць іншыя шляхі для развіцця. І адным з такіх шляхоў у свой час сям’я Главацкіх убачыла ў стварэнні сядзібы. Апантаная ідэяй захаваць элемент традыцыйнай вясковай вёскі, Ніна Мікітаўна разам з мужам была адзіная ў думцы, што на падворку сядзібы абавязкова павінна быць традыцыйная кобрынская хатка.  Менавіта з яе і пачынае сваю гісторыю сядзіба. Ужо пасля з’явіліся іншыя пабудовы, якія толькі дапаўнялі ідэю стварэння ў мініяцюры вясковага падворка. Менавіта на тое, што для развіцця сельскага турызму ёсць усе магчымасці практычна ў любога чалавека, Ніна Мікітаўна скіроўвала ўвагу слухачоў школы.

Крэатыўнасць гаспадароў праявілася практычна ва ўсім, за што ні бралася іх рука. Рашэнне задзейнічаць сховішча з-пад яблыкаў як адзін з аб’ектаў сядзібы, стала ўдалым і прыбытковым. У цёплы перыяд, асабліва ў летнюю спёку, гаспадары прапанавалі гасцям атрымаць асалоду ў прахладзе, абуладкаваўшы сховішча пад месца для правядзення карпаратываў, вяселляў, іншых мерапрыемстваў.  Вось і ў дзень правядзення заняткаў у школе, слухачы мелі магчымасць не толькі падсілкаваццца смачным абедам у ім, але і атрымаць задавальненне ад дэманструемых на сценах вышываных палескіх рушнікоў, карцін.

Замацаваць уражанне ад пачутага Ніна Нікітаўна прапанавала экскурсіяй у “Алесін сад”. Мноства радоў яблынь кінулася адразу да нас у вочы пры пад’ездзе да агароджанай тэрыторыі. Праходзячы міма яблыневых радоў, любаваліся дагледжанасцю дрэў, чысцінёй тэрыторыі. Убачыўшы гасцей, да нас выйшаў гаспадар… з двума вёдрамі яблыкаў. Прыгожыя, з чырвонымі бакамі, яны так і прасіліся, каб іх пасмакаваць. І мы не прамінулі скарыстацца такой магчымасцю, так як  на прылаўках магазінаў найчасцей  даводзіцца бачыць падобныя імпартныя, а тут свае, беларускія. Гаспадары расказалі, што вырашчаны ўраджай абавязкова зойме пачэснае месца сярод іншых яблыкаў у сталічных, абласных і кобрынскіх магазінах. А каб уражанне ад прыгажосці яблыневага сада, кобрынскай зямлі было поўным, Ніна Мікітаўна з мужам праспявалі прыгожую палескую песню.

Таленавітыя майстры кобрынскай зямлі

Песня ў садзе ў хуткім часе перанеслася ў “Яблочный Са-Рай”, так як на сустрэчу з маладымі валанцёрамі гаспадыня сядзібы “Палескія традыцыі”  запрасіла таленавітых майстроў Кобрыншчыны. У Са-Раи сабраліся рамеснікі і фальклорны калектыў Маларыцкага раёна. Непаўторная палеская песня заварожвала сваёй самабытнасцю. Гукі жалейкі пераносілі слухачоў школы ў далёкае мінулае. Аднак сустрэча--не падстава для суму, таму музыкі прапанавілі ўдзельнікам мерапрыемства развучыць танцы іх мясцовасці і разам сысціся ў скоках. Ніхто не звяртаў увагі на тое, што вызначаны праграмай час для сустрэчы з народнымі майстрамі  даўно закончыўся. Усім хацелася развітанне адцягнуць як мага далей. Напэўна, таму так доўга не адпускалі музыкаў, а разам, на вуліцы, спявалі ўсім добра вядомыя песні.

Не абмінулі ўвагай слухачы школы і выставу работ народных майстроў. Гледзячы на вышываныя шэдэўры, язык інакш не павернецца назваць дэманструемую прыгажосць, дзяўчаты параўноўвалі іх з карцінамі вядомых мастакоў. Некаторыя дапытваліся сакрэты вырабаў з галінак лазы, з паперы. Майстры шчыра дзяліліся ўласным вопытам са слухачамі школы.

Круіз. Аграэкатурыстычны

Арганізатары школы паклапаціліся аб тым, каб слухачам на практыцы паказаць багацце ідэй для развіцця сельскага турызму на прыкладзе аграсядзіб турыстычнай дэстынацыі “Муховэцька кумора”. І для гэтага накіравалі нас у  аграэкатурыстычны круіз. Ад імя слухачоў школы выказваем словы падзякі гаспадарам сядзіб “Купалінка”, “Тры асілкі”, “На зарэчнай”, "Студзінка". Наведванне кожнай пакінула самыя незабыўныя эмоцыі. Слухачы школы прыйшлі да высновы, што на  Кобрыншчыне рады задаволіць густ любога турыста, бо для гэтага гаспадары прыклалі шмат намаганняў, заняўшы сваё пачэснае месца сярод іншых. Кожны праявіў крэатыўнасць у выбары падыходаў, ідэй па абуладкаванні свайго непаўторнага вясковага куточка. Але пра гэта лепш не слухаць, а сабрацца з сябрамі і накіравацца ў глыб, да спрадвечных вытокаў. 

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.