Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Падарожжа па краіне "Верас"

Дата: 20 июня 2014 в 11:36, Обновлено 20 июня 2014 в 11:42
Автор: Наруш О. Н.
1 025 просмотров

Пад знакам Года гасціннасці
Вандруючы па родным краі
Вучняў Князеўскай гімназіі Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці на канікулах наўрад ці застанеце на месцы. Дзякуючы настаўнікам, якімі кіруе жаданне як мага больш паказаць дзецям за гады вучобы ў гімназіі, яны абышлі практычна ўвесь Зэльвенскі раён, аб’ездзілі амаль палову Беларусі, пабывалі за мяжой. З кожнай паездкі дзеці вяртаюцца з новымі ўражаннямі, поўныя сіл зноў і зноў адкрываць для сябе розныя куточкі краіны.
Таму з вялікай ахвотай адклікнуліся на прапанову Старшыні Праўлення Беларускага грамадскага аб’яднання (далей—БГА) Валерыі КЛІЦУНОВАЙ прыняць удзел у мерапрыемствах у рамках інфармацыйна-адукацыйнай кампаніі “Простыя рэчы”. Да таго ж улічваючы, што літаральна год назад калектыў гімназіі завяршыў работу інавацыйнага праекту “Укараненне мадэлі ўстойлівага развіцця ўстановы адукацыі ў сістэму работы педагагічнага калектыву для павышэння якасці навучання і выхавання навучэнцаў” нам было цікава выйсці за межы дзейнасці гімназіі і перанесці набытыя веды ў іншую плоскасць жыцця.

Даведка. Беларускае грамадскае аб’яднанне “Адпачынак у вёсцы” ў рамках праекта USAID “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, які рэалізуецца ПРААН у Беларусі са жніўня 2012 года па люты 2015 года, праводзіць інфармацыйна-адукацыйную кампанію пад агульнай назвай “Простыя рэчы”. Праект накіраваны на павышэнне ролі прыватнага сектара (малога і сярэдняга бізнэсу) ў эканоміцы Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, на развіццё аграэкатурызму.  Улічваючы, што 2014 год у Рэспубліцы Беларусь аб’яўлены Годам гасціннасці, актуальнасць праекта і яго значнасць відавочныя.  Аўтары праекту ў свеце глабалізацыі вельмі хочуць звярнуць увагу і абараніць простыя вечныя каштоўнасці, якія атрымаў у спадчыну ад сваіх продкаў беларус, і на знаёмства з якімі сённяшняму пакаленню маладых людзей сучасны хуткасны век проста не пакідае часу. А менавіта ў гэтых каштоўнасцях, на якіх і заснаваны аграэкатурызм, хаваецца душэўнасць і гасціннасць нашых людзей.

У рамках кампаніі праходзяць экалагічныя адукацыйна-выхаваўчыя акцыі з прыцягненнем дзяцей і моладзі, арганізуюцца валанцёрскія групы  для работы на аб’ектах агра- і экатурызму, праводзяцца канферэнцыі, прысвечаныя аграэкатурызму пад назвай “Творчая лабараторыя зялёнага турызму”, рэспубліканская акцыя “Дзень адчыненых дзвярэй на аграсядзібах” і інш. З сярэдзіны лютага праходзіць конкурс дзіцячага малюнка “Адпачынак у вёсцы”.

Творчая лабараторыя

Дырэктар гімназіі Валянціна СЕМЯНЯКА  і ўдзельніца інавацыйнага праекту настаўніца хіміі і біялогіі Ларыса ЛАБОВІЧ былі адзіныя ў думцы, што правядзенне экалагічнай адукацыйна-выхаваўчай акцыі “Зямля ў нас адна—іншай не будзе ніколі” ўдала рэалізуецца на мясцовым матэрыяле—знакамітай не толькі ў межах раёна, вобласці, рэспублікі, але і за межамі краіны аграсядзібы “Верас”. Заставалася толькі заручыцца падтрымкай яе гаспадароў Ірыны і Міхаіла МАКЕЯЎ. Ніхто і не сумняваўся, Ірына Янаўна і Міхаіл Францавіч з цікавасцю адклікнуліся на нашу прапанову: ім таксама карысны будзе вопыт работы са школьнікамі.

Справу рашылі не адкладаць у доўгі стол, а скласці праграму правядзення акцыі, вызначыцца з яе ўдзельнікамі, заручыцца падтрымкай бацькоў і праз  тыдзень прыступіць да яе рэалізацыі. Вось тут даспадобы нам прыйшлася і другая прапанова Валерыі Анатольеўны: усе грашовыя выдаткі аднесці на рахунак БГА “Адпачынак у вёсцы”.

Сярод членаў гімназічнага навуковага таварыства “Пошук” прайшоў сапраўдны адбор, так як усім хацелася стаць удзельнікамі экалагічнай адукацыйна-выхаваўчай акцыі. Пасля таго як вызначыліся з колькасным складам (перавагу аддалі малодшай групе таварыства), педагогі-кіраўнікі праекту разам з дзецьмі прыступілі да абмеркавання мерапрыемстваў, якія можна і неабходна правесці ў межах акцыі. Непрыкметна прабеглі дні падрыхтоўкі, і вось настаў той час, калі князеўскія гімназісты накіраваліся адкрываць для сябе і для вас, калі вы чытаеце гэтыя радкі, непаўторны куточак нашай маленькай радзімы--Зэльвеншчыны.

Гасціннасцю сваёй багаты…

Ласкавае летняе сонца сваімі прамянямі лашчыла дзіцячыя тварыкі, якія ўглядаліся ўдаль праз шкло школьнага аўтобуса. У думках кожны з іх пераносіўся ў недалёкае мінулае, калі на Ганненскім кірмашы—візітцы Зэльвеншчыны-- адбою не было ля выставы фермерскай гаспадаркі “Верас”. Дакладней, ад цудатворных кованых рэчаў: Цмока, якога ўтрымліваў ланцужок, карэтаў, ля якіх тоўпіліся дзеці і маладыя пары, каб сфатаграфавацца, кулямёта, узятага “ў палон” хлопчыкамі, сланечнікаў—своеасаблівага знака-сімвала гаспадаркі….

Пад коламі аўтобуса застаўся не адзін кіламетр, а хваляванне ад сустрэчы з вядомымі на ўсю краіну людзьмі не пакідала юных вандроўнікаў. І вось апошні паварот з асфальтаванай дарогі на палявую, пыл доўгаю стужкаю цягнецца за намі, здалёк падказваючы гаспадарам, што госьці вось-вось з’явяцца на парозе, пастукаюць у дзверы, скажуць звычайнае “Добры дзень!”

Заварожаныя вялізнай тэрыторыяй, якая дагледжана клапатлівымі рукамі работнікаў гаспадаркі, не меншае зачараванне атрымалі вучні, калі трапілі на аграсядзібу “Верас”. Размешчаная ў нізінцы, яна паланіла сэрцы дзяцей (упэўнены, што і кожнага, хто трапляе па справах работы або душы на такую  гаючую сынкавіцкую зямлю) непаўторнасцю, велічнасцю, беларускасцю, заможнасцю, сучаснасцю… Адкрыўшыся, нібы на далоні, злева яна давала магчымасць нават нам, вяскоўцам, як быццам бы ўпершыню паглядзець на тыя простыя рэчы, якія выступалі гарантам не аднаго пакалення беларусаў: плуг, сошку, касу, млын… Што ж тады казаць пра замежных гасцей?! Справа, хто б мог нават і падумаць, жывая агароджа ў форме сцен вежы, высаджаная з ляснога арэшніку, паказвала, што не патрэбны нам расліны заморскія, каб пачаць ствараць казку на ўласнай зямлі ўласнымі рукамі з таго матэрыялу, які і раней карміў і весяліў беларуса. Да таго ж яна так гарманічна ўпісвалася ва ўсе пабудовы, быццам і на самой справе  ахоўвала сядзібу.

Як у сапраўднай казцы хутка дарогу нам перапыніў прыгожы паўлін. Ідучы паходкай павольнай, гэтак жа важна ён распусціў перад намі хвост, нібы кланяючыся, вітаючы гасцей, запрашаючы прайсці далей. Да яго далучыўся другі, трэці… Прывычныя да людскога вока, птушкі давалі разгледзець сябе з розных бакоў, сфатаграфавацца на іх фоне. Пакуль дзеці заглядалі ў Бабкі Ежкіну хатку, гладзілі каня ля карэты, фатаграфаваліся ля паравозіка да нас выйшла гаспадыня аграсядзібы Ірына Янаўна. 

Сонечная, з усмешкай на твары, яна адразу з мацярынскім цяплом прыняла кожнага, распытала аб тым, як дабраліся, ці не стаміліся-не прагаладаліся з дарогі. Вельмі абрадавалася, калі пачула беларускую гаворку. Заўважыла, што не так часта чуваць родную мову ад гасцей. І прапанавала прайсці ў асобны дом, у якім на працягу ўсяго знаходжання дзеці будуць сапраўднымі гаспадарамі.

Урокі ад Ірыны Янаўны

Калі ў доме  ты гаспадар, то і паводзіць сябе трэба па-гаспадарску: навесці парадак у доме, каля яго, у вольны ад працы час знайсці занятак па душы. Парадай ад Ірыны Янаўны мы і кіраваліся на працягу двух дзён знаходжання ў аграсядзібе.

На імправізаванай бізнэс-канферэнцыі “Увасабленне мары, або Як стаць гаспадаром слова і справы”  гаспадыня расказала дзецям аб адным накірунку дзейнасці фермерскай гаспадаркі “Верас” -- аграэкатурызме. І каб жыццёвыя ўрокі не прайшлі дарма для дзяцей, яна прапанавала ім гэтыя два дні пабываць у ролі гаспадыні сядзібы. 

Разам з памочніцай Ірына Янаўна раздала дзяўчынкам пасцельную бялізну і пад яе наглядам яны заслалі ложкі. Пасля, расклаўшы ўласныя рэчы па палічках, некаторыя з дзяўчынак узяліся праціраць пыл, падмятаць падлогу. Работу стараліся выканаць добра, каб не было сорамна перад сябрамі і гаспадыняй. Таму вельмі старанна і крытычна ставіліся да таго, што рабілі. Пакуль гаспадыня завіхалася на кухні (па вуліцы разносіўся такі пах, што аж казытала ў носе!), дзяўчаты з захапленнем аглядалі выставу прасаў, маслабоек, бутылёў, талерак, гладышоў, плеценага посуду…

Многія з іх успаміналі, што ў бабуль і прабабуль пад страхою дома некалі бачылі падобнае, аднак мала хто з родных дзяцей здагадаўся выставіць на ўсеагульны агляд нажыты скарб старэйшага пакалення і не пастараўся прыхаваць як мага далей ці нават пазбавіцца яго. А вось сям’я Ірыны і Міхаіла Макеяў, наадварот, спадчыны продкаў не саромеецца, такім чынам дазваляе ўсім, хто забыўся на бацькоўскія карані, вярнуцца назад, у дзяцінства, юнацтва, калі сырадоем пахла ў хаце, калі гулі натруджаныя рукі і ныла спіна ад работы з раніцы да цямна. І ўсё гэта забывалася, сыходзіла на нет, аднекуль браліся сілы, калі на вясковай вуліцы спачатку нястройныя, кволыя, а пасля ўсё мацней, зладжана пераліваліся гукі гармоніка. За кубкам гарбаты, залітай кіпенем з самавара, сыходзіліся жанчыны і мужчыны, каб абмеркаваць пражыты дзень, намеціць планы на заўтрашні… Аб усім гэтым разумееш, калі бачыш, як на самым відным месцы ў доме, побач з іконай, размешчаны фотаздымак бацькоў Міхаіла Францавіча.

Дзецям, якія мінулае найчасцей бачаць праз зашклёныя музейныя паліцы, у доме Ірыны Янаўны дазвалялася не толькі дакрануцца рукамі да гэтых прадметаў. З зазволу гаспадыні паміж сучаснасцю і мінулым ладзіўся мост, і наколькі трывалым ён стане, будзе залежаць ад юнага пакалення беларусаў. Назіраючы за князеўскімі вандроўнікамі, міжволі лаўлю сябе на думцы, што яшчэ большае задавальненне ад убачанага маглі б адчуць гарадскія дзеці. Ім,  дзяцінства якіх праходзіць на асфальце ды за камп’ютарамі, не хапае сілы вырвацца з эпохі тэхнікі, адчуць асалоду ад судакранання з прыродай.

Па прапанове гаспадыні экскурсію па тэрыторыі аграсядзібы вырашылі перанесці на вечар, а пакуль што накіраваліся ў абедзеную залу рыхтаваць сталы да абеду. Спачатку Ірына Янаўна прапанавала дзяўчынкам пазнаёміцца з меню, якое прапануюць гасцям. Па меркаванні дзяцей, гаспадары ў стане задаволіць густ любога наведвальніка. Праўда, перавага аддаецца стравам беларускай кухні. Гэта, напэўна, і лепш, таму што беларуская кухня—гэта здаровая кухня.

Размеркаваўшы абавязкі, дзяўчынкі накіравалася за Ірынай Янаўнай.  (Адразу зашчымела сэрца, калі ўбачылі стол, за якім можа размясціцца вялікая і дружная сям’я, кампанія. Як даўно гэта было ў дзедаўскіх сем’ях, і як сталі малалюднымі сённяшнія.) Сцены абедзенай залы расказвалі аб найбольш знакамітых гасцях “Вераса”, імёны якіх на слыху беларусаў: пажаданнях Ірыны Дарафеевай і Алены Ланской, гурта “Тяни-Толкай”, калектыву тэлеперадачы “Ваша лато”, гумарыста Г. Крыжаноўскага і многіх іншых.

У дзве рукі вытрасалі дзяўчынкі бялюткія настольніцы. Ірына Янаўна расказвала сваім памочніцам, як правільна трэба накрыць стол для гасцей, якія прыборы выкарыстаць. За шчырай размовай непрыкметна прыбралі абедзеную залу, пасля пайшлі дапамагаць рыхтаваць да прыёму шаноўных гасцей “Залу паляўнічага”. Пераступіўшы парог будынка, дзеці былі настолькі ўражаныя ўбачаным, што на нейкі момант і забыліся, з якой мэтай яны накіроўваліся і куды. Выйшаўшы з невялікага ацапення, дзяўчынкі пагадзіліся, што трапілі сапраўды ў “Залу паляўнічага”. Са сцен глядзелі на іх чучалы лясных жывёл, скура воўка ўпрыгожвала лаўкі, рогі аленя пакаралі сваёй велічнасцю. У насценных нішах добра адчувалі сябе хамячкі.  А якое багацце карцін! І выразаныя з дрэва, і намаляваныя маслам, яны расказвалі пра розныя гістарычныя эпохі і падзеі. Усё так гарманіравала з бела-чорным колерам і ўпрыгожваннем залы, якія вянчалі піяніна і сымправізаваны алтар. Налюбаваўшыся інтэр’ерам, дзяўчынкі прыступілі да работы: вымелі залу, дапамаглі накрыць стол на трыццаць гасцей, расставілі посуд.

Заслугай за работу стаў абед. З апетытам дзеці з’елі прыгатаваныя суп, клёцкі і катлеты, запілі кампотам з хатнім печывам. Не забыліся пра тое, што яны не толькі госці, але і гаспадары на сядзібе, таму прыбралі за сабой посуд, акуратна вымылі яго, падрыхтавалі залу да вячэры.

Адпачываючы пасля смачнага абеду, дзяўчынкі паўдзельнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Прырода, экалогія і мы”.

Дакрануцца сэрцам да святыні

Праграма экалагічнай адукацыйна-выхаваўчай акцыі прадугледжвала наведванне аднаго са старэйшых помнікаў зямлі беларускай—Сынкавіцкай царквы-крэпасці. Нягледзячы на тое, што дарога была не ў адзін кіламетр, ногі дзяцей лёгка ступалі па пясочку. Поле з жытам і кукурузай, змяніліся вясковай вуліцай. Ля старэнькага дома завіхалася бабулька. Здавалася, жыццё спынілася. Яно быццам бы давала нам магчымасць сабрацца з думкамі, настроіцца на сустрэчу з таемным… Дзеці, а сярод нас былі і каталікі, параўналі дарогу да царквы з дарогай, якую паломнікі праходзяць да Тракельскай святыні.

Чым бліжэй мы набліжаліся да храма, тым часцей сталі трапляцца машыны, якія рухаліся з намі ў адзін бок. Гледзячы на нумары, разумелі, што людзі з розных куточкаў Беларусі едуць, каб памаліцца ў Божым храме, каб прыкласціся да ікон, якія даюць надзею і выздараўленне хворым душэўна і фізічна людзям.

Яшчэ здалёк, пераліваючыся золатам на купале, царква выклікала ў нас розныя пачуцці, а калі падышлі бліжэй, дух заняло ад велічнасці, масіўнасці, старыны, прыгажосці храма. Абыходзячы сцены царквы, дзіву даваліся з умельства народных майстроў, якія колькі стагоддзяў назад узвялі такі велічны храм, які не скарыўся ні ў годы ваеннага ліхалецця, ні ў савецкі антырэлігійны час. Тым больш было зразумелым жаданне сённяшніх майстроў, якія заняты на рэканструкцыі храма, наблізіць Сынкавіцкую (Міхайлаўскую) царкву да арыгінала, святароў храма выканаць абавязак перад Богам па ўзвелічэнні святыні.

Боскае благаславенне атрымала і жаданне дзяцей далучыцца да сынкавіцкай святыні, бо  як жа можна растлумачыць той факт, што жанчына, якая працавала ў царкоўнай лаўцы, сама прапанавала правесці для паломнікаў экскурсію, у якой расказала аб храме, яго гісторыі, адказала на пытанні.

У Сынкавіцкую царкву памаліцца і прыкласціся да ікон едуць людзі рознага веравызнання і з розных краін. Удзячнасцю за выздараўленне становяцца ахвяраванні залатых упрыгожванняў, якія змяшчаюцца за шкляным абрамленнем іконы. І, мяркуючы па тым мностве прынашэнняў, можна канстатаваць аб цудатворнасці сынкавіцкай іконы. Уражаныя пачутым, дзеці, нягледзячы на веравызнанне, таксама захацелі паставіць свечкі і памаліцца за здароўе родных.

Судакрананне да святыні было б няпоўным, калі б мы не пабывалі ля святой крынічкі. Накіроўваючыся па дарожным указальніку, мы хутка прыблізіліся да абуладкаванага месца. Яшчэ на падыходзе нас агарнуў прыемны пах і колер ружовых кустоў, выкладзеная дарожка сама накіроўвала да крынічкі. З якім клопатам аб людзях абуладкавана гэта месца! Хто стаміўся, можа прысесці на шматлікіх лавачках, схавацца ад сонечных прамянёў ці дажджу пад страхой бяседкі. Амыўшы твары святой вадой, якая нібы выходзіць з мініяцюрнай царквы, дзеці набралі вадзічкі дамоў.

Даведка. Адным з найбольш вядомых і цікавых помнікаў дойлідства на Зэльвеншчыне з’яўляецца старажытная царква-крэпасць у в.Сынкавічы. Сынкавіцкая (Міхайлаўская) царква—гэта адзін з многіх інкастэляваных пяцівежавых храмаў, пачатак якім паклала на мяжы XV і XVI стст. Полацкая Сафія. Сваім знешнім выглядам храм  паказвае, як паступова ішло спрашчэнне сістэмы абароны такіх пабудоў ад пяцівежавых да двух- і аднавежавых храмаў. Дакументы дазваляюць гэта прасачыць і на прыкладзе самой Сынкавіцкай царквы. Так, “Акт візітацыі Сынкавіцкага храма за 1760 г” сведчыць, што пасярэдзіне страхі царквы знаходзіўся вежавобразны “купал з жалезным крыжам”. Стылістычныя сувязі будынка Сынкавіцкай царквы-крэпасці відавочны з Сафіяй Полацкай (Рэспубліка Беларусь) і Супраслеўскім храмам (Рэспубліка Польшча). Гэты ж акт дае падставы меркаваць і аб даце ўзвядзення царквы-крэпасці ў в.Сынкавічы. Акт 1760 г. сведчыць, што будынак быў закладзены ў час каралевы Боны, а гэта значыць, дзесьці паміж 1518 і 1556 гг. Такім чынам, першая палова XVI ст., хутчэй за ўсё сярэдзіна, з’яўляецца найбольш відавочным часам узвядзення Сынкавіцкай царквы--- знакамітага  архітэктурнага помніка Беларусі, аднак гісторыя гэтай святыні звязана з імем вялікага князя Вітаўта. Па легендзе, у 1382 годзе Вітаўт знайшоў ахову ў паўразбураным замку на Слонімшчыне, а ў 1407 годзе прыязджаў ў Сынкавічы. Магчыма, у тыя гады крэпасць была перабудавана ў храм. Рэстаўрацыйныя работы, якія вядуцца і запланаваны завяршыцца да канца жніўня, магчыма, адкрыюць новыя невядомыя даты ў гісторыі царквы-крэпасці.

Пяць карысных спраў

Вярнуўшы да ветлівых гаспадароў у “Верас”, мы атрымалі запрашэнне на вячэру. Здавалася, беларуская бульба часты госць на стале нашых юных вандроўнікаў. Аднак прыгатаваная клапатлівымі рукамі Ірыны Янаўны і яе памочніц, палітая жырком ад смажанай пальцам піханай каўбаскі, са свежапрыгатаваным салатам з капусты, агурка, аздобленым кропам не пакінула абыякавым нікога. Нагуляўшы добры апетыт, дзеці з задавальненнем з’елі і па кусочку пірага.

Здавалася, што насычаны на падзеі дзень, пакліча дзяцей у ложак. Аднак, удзячныя за цёплы прыём, дзяўчаты выказалі жаданне дапамагчы гаспадыні паліць кветкі, прапалоць і прарыхліць кветнікі, ачысціць дарожкі.  Ім хацелася такім чынам пакінуць добрае ўражанне аб часе свайго знаходжання на аграсядзібе і ў гаспадароў.

Хто не ведае, а нашы дзяўчаты любяць працаваць. Таму вызначыўшыся з аб’ектамі працы, усе прыступілі да работы. А каб працаваць было весялей, яны строілі планы на наступны год, калі зноў завітаюць у госці да “Вераса”. Незаўважна праляцеў час, як усё з запланаванага было выканана.

Думаеце, пара і адпачыць? А вось і не так. Уважліва абышоўшы кожны непаўторны куточак сада, старэйшыя накіраваліся ў пакоі. А самыя меншыя з удзельнікаў акцыі Каця Саўко, Віка Валюк, Марыя-Малгажата Лудзіч працягнулі знаёмства з сядзібай і садам. Абабеглі ўсе гаспадарчыя пабудовы, паглядзелі на іх жыхароў, пакармілі рэшткамі хлеба свінку з парасяткамі, падзівіліся на птушак і ўбачылі, як збіраецца на начоўку сям’я паўлінаў. Баючыся спалохаць птушак, якія па лесвіцы ўзбіраліся на другі паверх будынка, а пасля пераляталі на страху, каб сваім зоркім вокам дапамагаць вартаўніку аглядаць ваколіцы (нам так здаецца), дзяўчынкі ціхенька назіралі за імі. Калі ўся сям’я размясцілася на начоўку, дзеці таксама накіраваліся ў свае пакоі.    

Гасцявы дом мала чым адрозніваўся ад гасцініцы. Гаспадары да драбніц прадумалі абсталяванне і афармленне пакояў. Здаецца, вытрыманыя ў сучасным стылі ( адна- і двухмесныя ложкі, ЖК-тэлевізары, мікрахвалевыя печкі, чайнікі, душавыя кабінкі, гарачая і халодная вада, санвузел) усё ж такі неслі вясковы каларыт: з густам размешчаныя старынныя рэчы, тканыя дываны і палавікі, насценныя шафы…   А дзеці нават і не думалі скарыстацца рэчамі цывілізацыі: забыліся пра мабільныя тэлефоны і планшэты, тэлевізар. Вечар быў прысвечаны ўспамінам і вызначэнню самага цікавага і непаўторнага месца аграсядзібы.

Новы дзень

Першыя сонечныя прамяні зазірнулі за фіранкі яшчэ дзесьці каля 5 гадзін раніцы… Паўліны крыкамі абвясцілі аб пачатку новага дня… На вуліцы чутны крокі вартаўніка, які пачаў займацца нейкай работай па гаспадарцы.

Па адпрацаванай вясковай звычцы дзеці таксама прачынаюцца і, разумеючы, што сон яшчэ можа працягвацца, з задавальненнем акунаюцца ў яго палон.

--Дзень добры! --чуецца прывітанне гаспадароў са сваімі памочнікамі, якія кожны дзень спяшаюцца на працу ў “Верас”. Ім не трэба падказваць, чым трэба займацца, аднак быць у курсе ўсіх спраў гаспадаркі абавязак кожнага, таму хуценька збіраюцца на планёрку да Міхаіла Францавіча.

--Дзень добры! Вы ўжо прачнуліся?—чуем мы ад Ірыны Янаўны.—Як спалася? Гледзячы на прыгожую жанчыну, дзіву даемся, як ёй удаецца выглядаць так прывабна ў такі ранішні час. Улічваючы, што ўчора з работы паехала пазнавата, дома займалася хатнімі справамі, а сёння ні свет ні зара ўжо на працы.

Дзецям хацелася застацца ў гасцях яшчэ не на адзін дзень, аднак гаспадыні трэба рыхтавацца да прыёму новых гасцей. Таму дзяўчынкі зноў выклікаюцца дапамагчы: хуценька здымаюць пасцельную бялізну на якой спалі, засцілаюць ложкі новай, выбіваюць палавічкі, падмятаюць падлогу, праціраюць пыл. Дзесяць пар дзіцячых рук лоўка спраўляюцца з работай—некалькі хвілін і ўсё гатова. А гаспадыні аграсядзібы патрэбна было б адвесці на гэту работу значна больш часу.

Пакуль наводзілі парадак у пакоях, паспела снеданне, якое таксама носіць наш, беларускі каларыт. Смажаныя яйкі з уласнага курніку, шкваркі з каўбаскай, тваражок і аўсяная кашка з мёдам  і варэннем—вы яшчэ не паспелі зрабіць выбар, а дзеці са смакам дэгустуюць самую здаровую і карысную ежу. Каб і хацела забыцца і не расказаць вам, чым яшчэ багатым быў стол, дык  памяць не дае такога права, бо ўжо колькі год не спрабавала масла з малака ад каровы, збітага ўручную ў маслабойцы, трошкі прысоленага, такога, што аж растае ў роце... Дзеці прызналіся, што таксама, таму з такім смакам, не шкадуючы, намазвалі булачкі, каб выпіць з гарачым кубкам гарбаты. Думаецца, вам таксама захацелася за наш стол.

Атрымаўшы зарад бадзёрасці, дзеці накіраваліся выконваць адно з самых цікавых заданняў акцыі: знайсці самае памятнае, самае непаўторнае месца на тэрыторыі аграсядзібы, каб спыніць момант аб’ектывам фотакамеры. Фотаконкурс “Гэта зямля твая і мая” на самай справе выклікаў шмат эмоцый, так як вызначыцца толькі з адным эпізодам, дзецям было складана. Што з гэтага атрымалася можна даведацца, зазірнуўшы на сайт Князеўскай гімназіі. 

А завяршылася наша цудоўная вандроўка таксама незвычайна. Нам хацелася за гасціннасць, чуласць, мацярынскае цяпло пакінуць словы ўдзячнасці гаспадыні Ірыне Янаўне ў кнізе водгукаў. Калі дзеці разглядалі запісы ў кнізе і раіліся, якія словы напісаць, яны былі здзіўлены багаццем геаграфіі наведвальнікаў сядзібы. Таму нам так захацелася, каб кожны, хто пабываў аднойчы ў “Верасе”, захацеў і знайшоў магчымасць вярнуцца сюды зноў. Аб гэтым мы і напісалі. А на памяць аб сустрэчы з рук гаспадыні атрымалі ў падарунак лекавыя расліны, якія растуць у макееўскім садзе.

P.S. Напэўна, шаноўныя чытачы, вы звярнулі ўвагу на тое, што галоўнай гераіняй, якая штохвілінна клапацілася пра нас, была Ірына Янаўна. Міхаіл Францавіч, як сапраўдны мужчына, адышоў трошкі ў цень сваёй любай жанчыны, аддаўшы нас у яе мацярынскія рукі, каб разам з намі і вамі любавацца яе дабрынёй, цеплынёй, гасціннасцю, клапатлівасцю… За гэта і яму шчыры дзякуй!

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.