Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Віншаванні ветэранам працы

Дата: 7 мая 2020 в 08:39, Обновлено 8 мая 2020 в 14:34
Автор: Наруш О. Н.
298 просмотров

Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі вучні школы завіталі ў госці да малалетняга вязня Вялікай Айчыннай вайны, былога настаўніка Князеўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна І.Ц.Сталпца.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Іосіф Цэзаравіч сустрэў школьнікаў на ўласным падворку. Выслухаўшы віншаванні ад рабят, ён паглыбіўся ва ўласныя ўспаміны, якія суправаджаюць яго на працягу ўсяго жыцця.  
У лёсе Іосіфа Цэзаравіча вайна пакінула адметны след. У вёску Самаравічы, з якой родам наш суразмоўца, прыйшлі немцы і ўстанавілі свой парадак. Будынак былой школы яны зрабілі камендатурай. Туды і быў прыведзены бацька Іосіфа Цэзаравіча, так як перад вайной ён быў старшынёй сельскага Савета. Немцы не пашкадавалі яго сям’і, не паглядзелі на тое, што ў былога старшыні былі малыя дзеці, пасадзілі на воз і адправілі ў Крамяніцкую камендатуру, а адтуль на грузавой машыне адвезлі на чыгуначную станцыю ў г.Ваўкавыск. Усіх людзей загналі ў закрытыя вагоны і адвезлі ў канцэнтрацыйны лагер у г. Гродна. Але сям’і Сталпец “пашчасціла”, і доўга ў лагеры яны не затрымаліся: адтуль іх адправілі ў г.Беласток, дзе ўжо чакалі нямецкія баўэры. Немец Орст Грыгуль забраў сям’ю ў свой маёнтак для догляду за гаспадаркай, так як сям’я была вясковая. Бацька  Іосіфа Цэзаравіча даглядаў жывёлу, а маці даіла кароў. Сям’ю адвялі месца ў хляве побач з жывёлай. Па ўспамінах нашага земляка, кармілі іх вельмі мала: маленькая лустачка хлеба з апілкамі ды капусны ліст. Не можа без слёз успамінаць  Іосіф Цэзаравіч самахвярны паступак маці, калі яна, каб падтрымаць маленькіх дзетак , крала малако, за што нямецкія гаспадары яе моцна збівалі.
У Орста Грыгуля быў унук такога ж узросту, як і маленькі Іосіф. Хлопчыкі паміж сабой пасябравалі, аднак гэта не падабалася бацькам нямецкага малога. Праўда, праз нейкі час сама фраў Эльза Грыгуль стала даглядаць за дзецьмі і займацца іх выхаваннем.
Калі нямецкія гаспадары пачулі, што войскі Чырвонай Арміі набліжаюцца, то пераправілі ўсіх наёмных рабочых далей за г.Берлін, у памесце Хюгілёрт.
Іосіф Цэзаравіч успамінае: “Па меры набліжэння Чырвонай Арміі гаспадары станавіліся дабрэйшымі, ласкавейшымі. І вось настаў той дзень, калі ў памесце нямецкага баўэра прыйшлі амерыканскія вызваліцелі. Нас яны перадалі савецкім салдатам. Калі салдаты ўбачылі мяне, то адзін вайсковец падышоў да мяне, узяў на рукі і з радасці некалькі разоў падкінуў угору. Пасля вызвалення маёй сям’і з палону нам прапанавалі застацца ў Германіі ці ў Польшчы, так як мае бацькі па нацыянальнасці палякі. Аднак бацька не пагадзіўся,  і мы, як і многія іншыя палонныя, накіраваліся на чыгуначны вакзал, каб па чыгунцы накіравацца на зэльвеншчыну. Нягледзячы на тое, што дарога была далёкай і цяжкай, усё ж такі яна была намнога весялейшай, так як ехалі  мы дахаты.”
Пакуль сям’я парабкавала на чужыне, вайна не абмінула вёску Самаравічы. У ходзе жорсцкіх баёў, якія вяліся на лініі Самаравічы-Конна-Бародзічы-Зэльва, вёска была поўнасцю спалена. Вяртацца не было куды, і сям’ю прытулілі ў бараку памешчыка Дзюрава, што размяшчаўся ў маёнтку в.Князева. 
Бацькі Іосіфа Цэзаравіча дзякавалі Бога за тое, што захаваў жыццё, а самі, як і іншыя аднавяскоўцы, працавалі на зямлі, будаваліся.
У 1948 годзе Іосіф Цэзаравіч паступіў у 1 клас Самаравіцкай сямігадовай школы і скончыў яе ў 1955 годзе.
У 1983 годзе прыйшоў на працу ў Князеўскую сярэднюю школу настаўнікам фізічнай культуры і кіраўніком ваеннай падрыхтоўкі і працаваў аж да адыходу на заслужаны адпачынак. Не адно пакаленне выхаваў настаўнік. Лічыў абавязкам, працуючы ў школе, весці пошук родных загінуўшых салдат на тэрыторыі Крамяніцкага (былога Падбалоцкага) сельскага Савета і пахаваных у брацкай магіле в.Князева: малодшага лейтэнанта Літвінава, сяржанта Малінкіна, старэйшага сяржанта Папернага. На працягу пэўнага часу нават вёў перапіску з роднымі Оразмамедава Алі – Аглы з Туркменіі.
І.Ц. Сталпцу да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне сёлета ўручылі юбілейны медаль, які знайшоў сваё месца сярод 8 юбілейных і спецыяльнага медаля “Вязень нацызму”.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, Іосіф Цэзаравіч мае цудоўную памяць, з’яўляецца госцем у сценах нашай школы.
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.