У гэтай зале прадстаўлена гісторыя Зэльвеншчыны ад рэвалюцыі 1917 г. па наш час. Звесткі аб перамозе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі дайшлі і да нашых мясцін у 1917 годзе. Але станаўленне новага жыцця ішло ў надзвычайных умовах грамадзянскай вайны і польска – савецкай вайны., у выніку якіх Беларусь была падзелена на дзве часткі: заходнюю і ўсходнюю. 3 1921г. па 1939 зэльвенскія землі знаходзіліся ў складзе Польшчы. На працягу ўсяго гэтага перыяду ў Заходняй Беларусі вялася падпольная барацьба. 17 верасня 1939г. Чырвоная Армія пачала вызваленне Заходняй Беларусі. 2 кастрычніка 1939г. Заходняя Беларусь была прынята ў склад БССР і СССР. Народ прыступіў да пабудовы новага грамадства.
Але мірная праца людзей была парушана вераломным нападам фашысцкай Германіі. Ужо ў першы дзень вайны Зэльву варварскі бамбіла фашысцкая авіяцыя. Адступаючыя савецкія войскі пад кіраўніцтвам генерала Карбышава некалькі дзён вялі баі за Зэльву і мост праз раку Зяльвянка. З канца чэрвеня 1941 года па 12 ліпеня 1944 года наш раён быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У Зэльвенскім раёне дзейнічалі падпольны райкам камсамола і партызанская брыгада "Перамога" пад камандаваннем Паўла Іванавіча Булака. Сярод ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны былі і нашы аднавяскоўцы.
Гэта: Ціханаў Георгій Ціханавіч;
Саўчык Іван Людвікавіч;
Цяслоўскі Філіп Міхайлавіч;
Каленка Уладзіслаў Станіслававіч.
Летам 1944 года часткам 40-га стралковага корпуса была пастаўлена задача вызваліць г.Ваўкавыск. Але на шляху да горада знаходзіўся ўмацаваны пункт Зэльва. Падыходы да Зэльвы былі цяжкімі, перашкаджала шырокая забалочаная пойма ракі Зяльвянкі. На тэрыторыі нашай вёскі разгарэліся жорсткія баі. Многія байцы аддалі сваё жыццё за вызваленне в. Князева. Сярод іх: Міхаіл Ягоравіч Малінкін; Дзям'ян Рыгоравіч Літвінаў.
Следапытамі нашай школы астанкі савецкіх воінаў былі знойдзены ў пойме Зяльвянкі і пахаваны ў парку в.Князева ў час адкрыцця помніка, прысвечанага Перамозе. 3 сём'ямі загінуўшых следапыты вялі перапіску. Вось што напісала нам сястра Малінкіна Валянціна Ягораўна ў пісьме, якое мы атрымалі ў студзені 1999г. "У апошні раз, калі мы былі ў вас, мы атрымалі ў падарунак крыштальную вазу. Я назвала яе "вазай Мішы". Гэта ваза будзе перадавацца ў спадчыну, як памяць пра брата”. Малінкіна стала блізкай і роднай настаўнікам і вучням школы, склаліся сяброўскія адносіны. Яна часта запрашала нас да сябе ў госці, удзячна школьнікам за краязнаўчую работу. Мы заўсёды будзем памятаць аб ахвярах мінуўшай вайны.
Пасля вайны пачалося ўзнаўленне народнай гаспадаркі. Наступная наша экспазіцтя расказвае пра жыццё калгасаса "Прагрэс" і яго працаўнікоў.
Калгас "Прагрэс" быў арганізаваны з калгасаў вёсак Падбалоцце, Самаравічы, Ляхавічы ў 1950 годзе. Перад Вамі змешчаны фотаздымкі перадавікоў калгаснай вытворчасці:Вялічка Юзефы Іосіфаўны, Ленца Іосіфа Людвікавіча, Валюка Уладзіміра Уладзіміравіча і іншых.
Экспазіцыя змяшчае фатаграфію, асабістыя рэчы, узнагароды нашага знакамітага земляка, Героя Сацыялістычнай Працы Жамойціна Аляксандра Адольфавіча, былога загадчыка вытворчага ўчаска № 1 калгаса “Прагрэс”.
22 гады на пасадзе старшыні калгаса "Прагрэс" працаваў Кісель Міхаіл Іванавіч. Пад яго кіраўніцтвам калгас стаў адным з лепшых у раёне. У нашым музеі змешчаны дьпломы, Ганаровыя граматы, Чырвоны сцяг, якімі быў узнагароджаны калгас за выдатныя поспехі ў розных галінах сельскагаспадарчай вытворчасці.
Знаходзяцца ў музеі і асабістыя ўзнагароды Міхаіла Іванавіча Кісяля. Адна з вуліц в.Князева, якая была пабудавана па яго ініцыятыве, названа яго іменем.
Прадаўжаюць вытворчыя справы сучасныя перадавікі- тварцы дабрабыту і творчых вынікаў – лепшыя з лепшых: механізатары Кузьміч Генадзь Аляксандравіч, Валюк Уладзімір Уладзіміравіч, даярка Свістун Нэла Генадзеўна, а таксама ўсе, хто звязаў сваё жыццё з сельскай працай - нялёгкай і пачэснай.
Наступная экспазіцыя гэтай залы расказвае пра гісторыю Князеўскай школы. Наша школа маладая. Яна пабудавана ў 1980 годзе. Урачыстае адкрыццё адбылося ў снежні 1980 года. У нашым музеі змешчаны сімвалічны ключ, які быў уручаны першаму дырэктару Князеўскай сярэдняй школы Касабуцкаму Міхаілу Іванавічу. У 1988 годзе школа з'яўлялася ўдзельніцай Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, дзе была ўзнагароджана дыпломам II ступені і сярэбраным медалём. У нашай экспазіцыі змешчаны ганаровыя граматы, якімі быў узнагароджаны калектыў за дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей, а таксама прызы і ўзнагароды за дасягнутыя поспехі ў спартыўных спаборніцтвах.
Князеўская гімназія, як установа новага тыпу сучаснага аграгарадка,уведзенага ў строй у 2005г., мае добрае матэрыяльна-тэхнічнае і вучэбна- метадычнае забеспячэнне для паспяховай рэалізацыі якасці навучання і выхавання. У распараджэнні педагогаў і вучняў абсталяваныя прадметныя кабінеты, кабінет інфармацыйных тэхналогій, актавая і спартыўная залы, вучэбныя майстэрні, сталовая, бібліятэка. Ва ўстанове працуюць гімназічныя класы, у якіх знаходзяць сваё адлюстраванне адукацыйныя запыты вучняў і бацькоў. Але, бадай, самае галоўнае, у нашай школе створана асяроддзе камфорту, псіхалагічнай устойлівасці, здароўя, аптымізму.