З нагоды юбілею Сумленнасць і стараннасць вядуць па жыцці
Важныя падзеі маюць месца быць у жыцці кожнага чалавека. Менавіта яны з’яўляюцца своеасаблівымі вешкамі, па якіх і даецца ацэнка пройдзенаму і перажытаму. Заўтра такі дзень настае ў жыцці кіраўніка Князеўскай сярэдняй школы В.А.СЕМЯНЯКА.
А пачаць аповед неабходна з таго, што пра Валянціну Аляксандраўну як мага лепш гаворыць народнае выказванне: “Дзе нарадзілася, там і згадзілася”. Дзіцячыя годы нашага кіраўніка прайшлі ў ваколіцах Дабрасельцаў, дзе жылі яе бацькі. Менавіта яны, усё жыццё правёўшы ў клопатах на зямлі, з маленькага прывучылі дзяўчынку да працы, да таго, што ўсяго ў жыцці дасягнуць можна сумленнасцю і стараннасцю.
Лёгка давалася вучоба ў Цяглевіцкай школе Валянціне. Асабліва любіла школьніца літаратуру, так як кніжкі давалі магчымасць пазнаваць іншае жыццё, весці дыялогі з літаратурнымі героямі. Таму невыпадковым стаў выбар навучальнай установы пасля атрымання сярэдняй адукацыі.
Як і планавала, у хуткім часе Валянціна стала студэнткай філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага інстытута імя Я.Купалы. Аб студэнцкіх гадах, сяброўках Валянціна Аляксандраўна з цеплынёй успамінае і сёння, з некаторымі падтрымлівае стасункі і да гэтага часу.
Незаўважна праляцеў час вучобы ў інстытуце, і ўжо ў жніўні маладая настаўніца, вярнуўшыся на Зэльвеншчыну, знаёмілася з калегамі Дзяркацкай васьмігадовай школы. Нягледзячы на малады ўзрост, Валянціне Аляксандраўне даверылі быць класным кіраўніком.
Цікавым і насычаным было настаўніцкае жыццё. У Дзяркацкай базавай школе Валянціна Аляксандраўна не толькі вучыла вясковых дзяцей, але і сама пераймала вопыт ад старэйшых калег, аднавяскоўцаў. З пераездам у Князева жыццё сям’і Семянякаў напоўнілася новымі падзеямі, знаёмствамі. Валянціна Аляксандраўна не раз узгадвае, што ў маладосці на многае не звяртала ўвагі, бытавыя клопаты пераносіліся з лёгкасцю, частымі былі сумесныя сустрэчы з суседзямі, па волі лёсу многія з якіх аказаліся калегамі. Як умелі, спраўляліся з мужам з малымі дзеткамі, якіх у сям’і падрастала двое, з настаўніцкай работай.
Іншымі, не менш яркімі і насычанымі, сталі годы, калі кіраўніцтва раёна Валянціне Аляксандраўне даверыла ўзначаліць школу ў в.Князева. Першага верасня яна ўвайшла ў школу намеснікам, а на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай першаму званку, вітала педагагічны і вучнёўскі калектывы ў якасці дырэктара. Напэўна, у такі час і прыйшліся на памяць бацькоўскія наказы са стараннасцю і сумленнасцю адносіцца да ўсяго таго, за што нясеш адказнасць. І гэта адказнасць за годы дырэктарства нікуды не знікла. Штодзень мы маем магчымасць назіраць, як задоўга да пачатку рабочага дня Валянціна Аляксандраўна “вядзе” тэлефонныя перагаворы па дарозе ў школу. З раніцы атрымаўшы кароткую “справаздачу” ад дзяцей і ўнукаў, яна поўнасцю акунаецца ў школьнае жыццё. А яно, паверце, даволі цікавае. Школа—гэта жывы арганізм, у якім, як у вулеі, рояцца не толькі деці, настаўнікі, бацькі, але і праблемы.
Набытым вопытам кіраўніцкай дзейнасці дырэктар дзеліцца са сваімі калегамі. Як зрабіць так, каб школа функцыянавала без перабояў, каб усе працавалі як адно цэлае, як ісці і не згібацца ад складанасцей, якія выкліканы часам і абставінамі? На гэтыя і іншыя пытанні Валянціна Аляксандраўна ведае адказ. Не адзін раз яна паўтарае, калі хочаш зрабіць штосьці добра, зрабі гэта сам. Калі ўзнікла патрэба ў пацвяржэнні вышэйшай катэгорыі настаўнікамі школы, яна была першай, хто накіраваўся на экзамен у Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Прайшоўшы паспяхова іспыты, Валянціна Аляксандраўна змагла знайсці словы падтрымкі і для астатніх калег. Кола яе ініцыятыў не абмяжоўваецца арганізацыяй адукацыйнага працэсу, так як ад удумлівых рашэнняў дырэктара залежыць дабрабыт не толькі настаўнікаў, але і іх сем’яў. Яна знаходзіць магчымасць вырашаць не толькі вучэбныя і выхаваўчыя задачы, але і ствараць утульнасць у кожным вугалку школы. Пры яе непасрэдным удзеле і падтрымцы за годы кіравання ўстановай адукацыі кожны прадметны кабінет набыў свой адметны “твар”, як мае свой “твар” і кожны куточак прышкольнай тэрыторыі, пра што нязменна заўважаюць нашы госці. Яна падтрымлівае многія пачынанні педагогаў, якія вядуць калектыў школы па дарозе развіцця.
А рэалізавацца ў прафесіі, безумоўна, Валянціне Аляксандраўне дапамагае сям’я. Слушныя парады атрымлівае ад мужа, які практычна ўсё сваё прафесійнае жыццё звязаў з сістэмай адукацыі раёна. Сямейную традыцыю бацькоў працягвае дачка, якая працуе настаўніцай пачатковых класаў у адной са сталічных школ. Думаецца, што прыемная нагода, якая паслужыла падставай да напісання невялікага нарысу пра прыгожую, разумную, абаяльную, кампетэнтную жанчыну кіраўніка, жонку, маці і бабулю стане адпраўной кропкай у яе далейшым прафесійным жыцці, так як яшчэ не ўсе задумы Валянціна Аляксандраўна здзейсніла, а іх у яе многа.
Шаноўная Валянціна Аляксандраўна!
Прыміце шчырыя словы віншавання з нагоды Вашага юбілею.
Хай радасць толькі Бог Вам падаруе,
Хай усё жыццё Вам на людзей шанцуе,
Няхай хаціну абмінуць нянасці,
Жадаем Вам здароўя, згоды, шчасця.
З павагай, калектыў Князеўскай СШ.