Аб таварыскай сустрэчы і не толькі
Напярэдадні вясновага свята ў Князеўскую гімназію завіталі вучні і педагогі Ялуцавіцкага дзіцячага сада -ПШ. Іх чакала таварыская сустрэча з вучнямі 5-9 класаў гімназіі.
Паміж калектывамі Ялуцавіцкага дзіцячага сада-базавай школай і Князеўскай гімназіі даўно ўжо ўсталяваліся цесныя зносіны. І гэта як мага лепш праяўляецца ў сумесным правядзенні вольнага ад урокаў часу. Апошняй такой сустрэчай стала свята 8 Сакавіка, калі педагогі і вучні стварылі добры настрой не толькі самі сабе, але і аднакласнікам.
Напярэдадні вясновага свята ў Князеўскую гімназію завіталі вучні і педагогі Ялуцавіцкага дзіцячага сада-БШ. Іх чакала таварыская сустрэча з вучнямі 5-9 класаў гімназіі.
У спартыўную залу сабралася столькі вучняў і педагогаў, што месца свабоднага не засталося. Пакуль спартсмены рыхтаваліся да выступлення, арганізатары мерапрыемства ўвазе прысутных прапанавалі выступленне самадзейных артыстаў.
…Свісток журы і ў зале паяўляюцца прастаўнікі каманд. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, да столі ўзнімаецца дзяржаўны сцяг. Члены каманд уважліва выслухоўваюць старшыню журы, вітаюць адзін другога. І пачынаюцца спаборніцтвы.
Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Наталля Суша, Ірына Гойшык падрыхтавалі цікавую праграму, у якую ўваходзілі конкурсы на вызначэнне самых лоўкіх, самых хуткіх, самых уважлівых і інш. З пераменным поспехам каманды ішлі да перамогі. Адчувалася, што спаборнічаюць паміж сабой не толькі члены каманд, але і групы падтрымкі, якія няўхільна рэагуюць на кожны рух сваіх школьных сяброў.
Дзеці падрыхтавалі плакаты са словамі “Так трымаць!”, “Малайцы!”, якімі з месцаў падбадзёрвалі сваіх таварышаў. Настаўнікі не маглі схаваць свайго хвалявання ад конкурсаў, таму ў кароткія моманты перапынкаў паміж выступленнямі давалі слушныя парады камандам.
Здавалася, насычаная конкурсная праграма магла і прытаміць дзяцей, але ніякай стомы не адчувалася ні сярод удзельнікаў, ні сярод балельшчыкаў. Апошняя комплексная эстафета, якая давала шанц камандзе “Надзея” (Ялуцавіцкі дзіцячы сад-БШ) ці камандзе гімназіі “Алімпіец” выйсці ўперад, паказала, што ў сапраўдных сяброў усё па-сапраўднаму: нават перамога на дваіх. І тым прыемней было сустрэцца членам каманд адзін супраць другога, паціснуць рукі і пачуць словы падзякі за таварыскасць, спартыўнасць, крэатыўнасць і атрымаць Ганаровыя граматы ад старшыні журы Ганны Каленка, а ад настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя за перамогу --салодкія падарункі.
Верыцца, што наступная сустрэча школьных сяброў з гімназіі і школы-сада не пакіне чакаць сябе доўга, і гукі вясёлага спартыўнага марша паклічуць юных спартсменаў да новых перамог.