СУстрэча з малалетнім вязнем Іосіфам СТАЛПЦОМ
Вайна засталася ў маім сэрцы з дзяцінства
Сонечным днём у госці да пачаткоўцаў завітаў ветэран, маленькі вязень Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Цэзаравіч Сталпец. Запрасілі ў гімназію гэтага чалавека нездарма, бо за сваё жыццё ён шмат сіл аддаў нашай гімназіі, яе выхаванцам. А яшчэ з нагоды свята Абаронцы Айчыны і 70-годдзя Перамогі Вялікай Айчыннай вайны Іосіфу Цэзаравічу Сталпцу, як ветэрану, уручылі чарговы юбілейны медаль.
Жыве гэты цудоўны чалавек у в.Самаравічы Зэльвенскага раёна, Гродзенскай вобласці. У лёсе Іосіфа Цэзаравіча вайна пакінула свой адметны след. У вёску прыйшлі немцы і ўстанавілі свой парадак. Будынак былой школы яны зрабілі камендатурай. Туды і быў прыведзены бацька Іосіфа Цэзаравіча, так як перад вайной ён быў старшынёй сельскага Савета. Немцы не пашкадавалі яго сям’і, не паглядзелі на тое, што ў былога старшыні былі малыя дзеці, пасадзілі ў сані і адправілі ў Крамяніцкую камендатуру, а адтуль на грузавой машыне адвезлі на чыгуначную станцыю ў г.Ваўкавыск. Усіх людзей загналі ў закрытыя вагоны і адвезлі ў канцэнтрацыйны лагер у г. Гродна. Але сям’і Сталпец пашчасціла, і доўга ў лагеры яны не затрымаліся, адтуль іх адправілі ў г.Беласток, дзе іх чакалі нямецкія баўэры. Немец Орст Грыгуль забраў сям’ю ў свой маёнтак для догляду яго гаспадаркі, так як сям’я была вясковая. Бацька даглядаў жывёлу, а маці даіла кароў. Іосіфа Цэзаравіча з яго бацькамі пасялілі ў хляве, дзе была жывёла. Кармілі вельмі мала: маленькая лустачка хлеба з апілкамі ды капусны ліст, а калі-нікалі маме ўдавалася ўкрасці малака для дзетак, за што яе жорстка каралі гумай.
У гаспадара Орста Грыгуль быў маленькі ўнук такога ж ўзросту, як і Іосіф Цэзаравіч, 2,5 гады, і ён прыходзіў гуляць да яго. Спачатку гаспадары былі супраць сяброўства хлопчыкаў, але потым сама фраў Эльза Грыгуль стала даглядаць за дзецьмі і займацца іх выхаваннем.
Калі нямецкія гаспадары пачулі, што войскі Чырвонай Арміі набліжаюцца, то пераправілі ўсіх наёмных рабочых далей за г.Берлін у памесце Хюгілёрт.
Іосіф Цэзаравіч расказвае: “Па меры набліжэння Чырвонай Арміі гаспадары станавіліся дабрэйшымі, ласкавейшымі. І вось настаў той дзень, калі ў памесце нямецкага баўэра прыйшлі амерыканскія вызваліцелі. Нас яны перадалі нашым салдатам. Калі салдаты ўбачылі мяне, то адзін вайсковец падышоў да мяне, узяў на рукі і з радасці некалькі разоў падкінуў угору. Пасля вызвалення маёй сям’і з палону нам прапанавалі застацца або ў Германіі, альбо ў Польшчы, так як наша сям’я па нацыянальнасці палякі, але бацька мой сказаў, што наша месца там, дзе мы нарадзіліся.
У 1945 годзе ўсіх палонных людзей, якіх вывезлі ў Германію на працу, пасадзілі ў вагоны і адправілі дамоў. Нягледзячы на тое, што дарога была далёкай і цяжкай, яна была намнога весялейшай, бо ехалі дадому.”
У в.Самаравічы, дзе жыў І.Ц.Сталпец, ішлі жорсткія баі, і вёска была поўнасцю спалена. Вяртацца не было куды і сям’ю прытулілі ў маёнтку памешчыка Дзюрава ў бараку ў в.Князева. Такое сумнае дзяцінства было ў нашага ветэрана.
У 1948 годзе Іосіф Цэзаравіч паступіў у 1 клас Самаравіцкай сямігадовай школы і скончыў яе ў 1955 годзе.
У 1983 годзе прыйшоў на працу ў Князеўскую сярэднюю школу настаўнікам фізічнай культуры і кіраўніком ваеннай падрыхтоўкі і працаваў аж да адыходу на заслужаны адпачынак да 2002г. Не адно пакаленне выхаваў настаўнік. У хлопчыкаў, з якімі працаваў часцей за ўсё, выхоўваў пачуццё гонару за сваю Радзіму, добрых адносін да людзей, якія знаходзіліся побач, узаемавыручцы і ўзаемадапамозе. У час працы ў Князеўскай сярэдняй школе Іосіф Цэзаравіч прымаў удзел у пошуках загінуўшых салдат на тэрыторыі Крамяніцкага (былога Падбалоцкага) сельскага Савета з роднымі захароненых салдат у вёсцы Князева: малодшага лейтэнанта Літвінава, сяржанта Малінкіна, старэйшага сяржанта Папернага, вёў перапіску з роднымі з Туркменіі Оразмамедава Алі – Аглы.
Ветэран Сталпец І.Ц. узнагароджаны 8 медалямі і спецыяльным медалём “Вязень нацызма”.
Нягледзячы на 74-гадовы ўзрост, Іосіф Цэзаравіч мае цудоўную памяць і заўсёды бадзёры.