Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Вечар сустрэчы 2015

Дата: 9 февраля 2015 в 12:42
Автор: Наруш О. Н.
1 293 просмотра

Чым адрознівалася субота 7 лютага ад іншых дзён тыдня і чым была яна падобна на іншыя першыя суботы лютага кожнага года? Напэўна, адказ на гэтае пытанне з лёгкасцю могуць даць толькі тыя, хто ў мінулую суботу завітаў у сцены роднай школы. Адразу ўдакладнім, што ў артыкуле размова пойдзе аб сустрэчы сяброў-выпускнікоў Князеўскай гімназіі.
“Прывітанне!”, --чулася ў файе гімназіі. Статныя мужчыны ў касцюмах, каляровых сарочках паціскалі рукі адзін другому, абдымаліся як найлепшыя сябры. Прыгажуні-жанчыны, дзяўчаты нібы на подыуме паднімаліся ў актавую залу, каб прадэманстраваць сваю жаноцкасць, маладосць. А ў тым, што ў зале лунала маладосць, сведчылі шматлікія сведкі далёкіх школьных гадоў, якія не заўважалі пабеленых скроняў сяброў, настаўнікаў. Яны, здаеццца, толькі што выйшлі з урока, абступіўшы цесным колам сваіх дарагіх педагогаў. Напэўна, вы чакалі ў гэтым месцы ўдакладнення: настаўнікаў былых і сённяшніх. Але я ўпэўнена, што той, хто аднойчы ступіў на настаўніцкую ніву, не можа быць былым. І гэта як мага лепш дэманстравалі выпускнікі, якія сёння школьную навуку нясуць маладому пакаленню беларусаў.
Заданне. Падрыхтаванае
Вучні гімназіі як сапраўдныя гаспадары рыхтаваліся да сустрэчы загаддзя і грунтоўна. Пад кіраўніцтвам маладой настаўніцы пачатковых класаў Бажэны Сушчэвіч, дарэчы, выпускніцы гімназіі 2010 года, правялі грунтоўную “даследніцкую” работу: выявілі ўсе юбілейныя выпускі, падрыхтавалі шмат цёплых слоў для іх і настаўнікаў, якія асабліва дарагія кожнаму выпуску. Пастараліся не ўпусціць нікога: хто і сёння па-ранейшаму цікавіцца лёсам “сваіх дзяцей”, і тых, каго ўжо з імі няма.
Настаўніца музыкі Алена Шмыгіна не адну гадзіну пасля ўрокаў рэпетыравала, каб выдатнае акцёрскае і выканаўчае майстэрства юных артыстаў не выклікала ніякіх сумненняў у гасцей гімназіі. Доўга не гасла святло ў зімовыя вечары, а дзеці стараліся давесці сцэнарый вечара сустрэчы да дасканаласці.
Відаць адразу: аднакласнікі
Пяць гадзін вечара. Свабодных месц у зале няма. Госці расселіся. Адразу відаць, што аднакласнікі: успамінаюць цікавыя выпадкі са школьнага жыцця. Аднак ярчэй загараецца свет, музыка набірае сваю сілу, на экране свеціцца прывітанне гасцям, на сцэне з’яўляюцца вядучыя.
З прывітальным словам да прысутных у зале звярнулася Бажэна Генадзьеўна.
Дзяўчынкі Насця Мазец і Валерыя Крэўская ў чарговы раз, праўда, ужо толькі для гасцей выступілі і ў ролі вядучых, і самадзейных артыстаў. У дапамогу ім былі спевакі Насця Атаповіч, Ліза Швяцова. Арыгінальная распрацоўка сцэнарыя свята зрабіла непадобным яго на папярэднія. У госці да выпускнікоў прыйшла Ружовая Мара (ролю якой цудоўна выканала Насця Атаповіч) і аб’яднала песняй усіх прысутных у зале. Прыемна было глядзець і бачыць, што нягледзячы на розніцу ва ўзросце, госці добра памятаюць песні дзяцінства, якія не адзін раз гучалі ў сценах гімназіі сола, а ў суботу атрымалі сапраўднае вялікае калектыўнае гучанне. Не пакінула абыякавым нікога разыграная сцэнка са школьнага жыцця ў выкананні вучняў старэйшых класаў.
Слова выпускнікам
Стала добрай традыцыяй на такіх вечарах першых прадстаўляць тых, хто раней за іншых у зале пакінуў сцены школы.
Сёлета адкрывалі вечар сустрэчы тыя, хто развітаўся са школай 30 гадоў назад. Са сцэны яны гаварылі аб тым, што асабліва запомнілася: аб першай настаўніцы і класным кіраўніку, настаўніках-прадметніках, якія далі пуцёўку ў жыццё. Успамінамі пераносіліся ў той час, калі ігралі ў школьным інструментальным ансамблі. На правах не толькі старэйшых выпускнікоў, але і настаўнікаў (у гімназіі выкладае матэматыку былая выпускніца Людміла Кузьміч, трэнерам ад спартыўнай школы працуе Ганна Каленка) яны звярнуліся да сённяшніх гімназістаў з наказам.
Не менш яркім быў аповед-прызнанне выпускнікоў, якія 25 гадоў апошні раз сядзелі за школьнай партай. Яны падрыхтавалі вершаванае прызнанне школе, педагогам. Гэтаму выпуску ёсць чым ганарыцца: многія дасягнулі вышынь. На сваіх працоўных месцах вядуць па Краіне Ведаў Наталля Кашчыц і Віктар Грышкевіч, з’яўляецца намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Лілія Серык, галоўным ветурачом раёна Анатоль Бурак… Ставім шматкроп’е, так як імёны многіх выпускнікоў на слыху не толькі раённых арганізацый і прадпрыемстваў, але і вобласці. У падарунак гасцям свята былая выпускніца, а сёння медыцынскі работнік, пастаянны ўдзельнік раённых мерапрыемстваў Таццяна Бусловіч праспявала прыгожую песню, а Наталля Кашчыц прачытала верш поўны аптымізму і надзеі на чарговую юбілейную сустрэчу.
15 гадоў назад у такім мнагалікім складзе бачыліся наступныя юбіляры-выпускнікі. Прыехаўшы з розных гарадоў і вёсак нашай краіны, ім было цікава прайсціся па гімназіі, зазірнуць у кабінеты, з якімі звязаны розныя моманты школьнага жыцця. Памяць з мінулага выхватвала тое, чым у свой час ганарыліся, а на вечары сустрэчы трошкі шкадавалі. А каб успаміны са школай былі больш яркімі, на сцэну выйшаў былы дырэктар В.М.Семяняка, які сёння працуе намеснікам старшыні райвыканкама. Валянцін Міхайлавіч на сустрэчу прыйшоў з вершам, які нарадзіўся на 20 хвілін да пачатку сустрэчы, які і падараваў усім выпускнікам.
Практычна ў поўным складзе на сцэне з’явіліся выпускнікі-юбіляры 2010 года са сваім класным кіраўніком В.Г.Ленец. Пяць гадоў—чым не магчымасць падвесці пэўны вынік сваіх асабістых дасягненняў. Многія з выпускікоў заканчваюць вышэйшыя навучальныя ўстановы, хтосьці працягвае навучанне пасля атрымання сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Са словам да гасцей звярнуліся Павел Каленка і Яўген Боцька, падараваўшы не толькі цёплыя словы ў адрас сваёй любімай настаўніцы, але і тых, хто прысутнічаў у зале. І ў падарунак клас уручыў карзіны з кветкамі, якія ў халодныя дні зімы будуць нагадваць аб сустрэчы, а Вольга Ранец--песню.
І вось на сцэну запрашаюцца тыя, хто выйшаў са сцен гімназіі год назад. На жаль няма Яўгенія Палубка, які прызваны ў армію, а так—у поўным складзе разам з класнымі кіраўнікамі Ірынай Кандак і Раманам Саўко. Ініцыятыву ў свае рукі ўзялі педагогі, якія пачалі “праверку дамашняга задання”. Выклікалі кожнага выпускніка, які расказваў аб тым, дзе ён вучыцца. Прыемна было чуць, што веды, атрыманыя ў гімназіі, ім дапамаглі не толькі паступіць туды, куды хацелі (60% выпускнікоў навучаюцца ў ВНУ на бюджэце, 20%--у ССНУ, 10%-- у ПТНУ), але і паспяхова здаць першую сесію.
Вечар завяршыўся сумеснай дыскатэкай, салодкім чаем з тортам і…успамінамі.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.