Са сталіцы - з перамогай у конкурсе!
Цёпла і сардэчна сустракаў шостага красавіка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сваіх гасцей. У будынку філалагічнага факультэта адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў Рэспубліканскага конкурсу “Мая мова,мая культура,я”. Каля паўтары тясячы работ прыйшлося прачытаць і прааналізаваць кампетэнтнаму журы з выкладчыкаў і навукоўцаў філалагічнага і гістарычнага факультэтаў. Гісторыкі былі запрошаны для дапамогі, таму што большасць конкурсных работ змяшчала краязнаўчы матэрыял.У вялікай зале сабраліся вучні, настаўнікі, бацькі з розных куточкаў Беларусі. Сярод пераможцаў на свята былі запрошана і творчая група нашай гімназіі ў складзе Валюк Ганны,Свістун Валерыі, Кашчыца Андрэя і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры - Кашчыц Наталлі Антонаўны і Скуба Антаніны Аляксандраўны.
Якасна арганізаваная праграма пачалася з прывітальнага слова дэкана філфака Роўды І.С. Ён падзякаваў прысутным за плённы ўдзел ў конкурсе, выдатныя работы, за захаванне роднай мовы і мясцовай спадчыны. Пазнавальным аказаўся кароткі агляд селетняй уступнай кампаніі на філалагічны факультэт і дэманстрацыя дасягненняў студэнтаў.
Цёпла сустрэлі прысутныя вядомага беларускага паэта-песенніка Леаніда Дранько-Майсюка, які зачараваў усіх мілагучнымі радкамі сваіх вершаў, гумарыстычнымі зваротамі да юнакоў і дзяўчат, любоўю да роднага слова.
Апошняя частка была самай чаканай і хвалюючай: дэкан сумесна са старшынёй аб’яднання маладых вучоных Зуевай В.У. пачалі цырымонію ўзнагароджвання. З вялікім хваляваннем мы падняліся на сцэну, дзе атрымалі дыпломы–падзякі і падарункі за сваю працу. Комплексная работа( эсэ і творчы праект)настаўнікаў і вучняў гімназіі, прысвечаная паэту- земляку, чалавеку- творцу - Валянціну Міхайлавічу Семяняку, прызнана адной з лепшых у намінацыі «Лепшае эсэ ”Я нарадзіўся тут”». Дзякуючы пяшчотным, шчымлівым, мудрым вершаваным радкам -“жыццёвым арыенцірам” аўтара зборніка “На скрыжаванні” мы мелі магчымасць з гонарам заявіць пра сваю Зэльвеншчыну і пра сябе.
Прыемным завяршэннем урачыстасці стала магчымасць асабіста пагутарыць з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком, атрымаць аўтографы і зрабіць фотаздымкі.
Скуба Антаніна Аляксандраўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Князеўскай гімназіі