Школьны стадыён не сумуе
Апошні развітальны школьны званок празвінеў ужо даўно. Настаўнікі і вучні рэдкія госці ў школьных калідорах.
Сёлетняя летняя кампанія, як дарэчы і папярэдняя, у Князеўскай гімназіі праходзіць пад знакам карыснага праводжання вольнага ад вучэбных заняткаў часу. Да паслуг дзяцей і школьная бібліятэка, і камп’ютарны клас, і розныя забаўляльныя праграмы, якія арганізуюцца педагогамі. Але найбольшым попытам сярод школьнікаў карыстаецца стадыён. Практычна на працягу ўсёй другой паловы дня дзеці пад наглядам педагогаў прымаюць удзел у арганізаваных спартыўных мерапрыемствах.
Думаецца, што падобным чынам арганізавана летняя занятасць школьнікаў практычна ўсяго раёна. Пэўныя складанасці выклікае занятасць дзяцей, якія пражываюць не на тэрыторыі, дзе размяшчаецца навучальная ўстанова. У нашай гімназіі знайшлі выйсце з такой сітуацыі, арганізаваўшы занятасць дзяцей па месцы жыхарства.
Практычна штовечар, калі не мяшае надвор’е, на стадыёне былой Конненскай базавай школы збіраюцца сёлетнія вучні і былыя выпускнікі Князеўскай гімназіі, каб пагуляць у валейбол. Старэйшыя рабяты прынеслі сетку, укапалі два слупы, настаўнікі фізічнай культуры выдалі для гульні валейбольны мяч. Традыцыйны час збору—20.00, пра гэта добра ведаюць не толькі вясковыя дзеці, але і тыя, хто прыязджае адпачыць да бабулі ці дзядулі. Нярэдка да гульні далучаюцца і школьнікі зэльвенскіх школ, якія пражываюць у вёсцы. Падыходзяць і старэйшыя жыхары вёскі, якія справіліся з усімі хатнімі справамі. Такім чынам, школьны стадыён у летні час не сумуе, ён кожны раз рады бачыць сваіх юных сяброў.
Телефоны: (801564) 74-0-26, 8 (01564) 74-0-27
Email: kniazevosch@grodno-region.by